ШЛЯХАМ АДАМА МІЦКЕВІЧА - Дамініканская школа ў Навагрудку

Манахі-дамініканцы прыбылі ў Навагрудак у пачатку XVII стагоддзя па запрашэнні Літоўскага ваяводы Хрыстафора Хадкевіча. Ваявода ўзвёў для дамініканцаў у 1624 годзе ў самым цэнтры горада драўляны касцёл Святога Яцэка (кананізаванага Каталіцкай Царквой польскага дамініканскага місіянера). Праз 100 гадоў на месцы струхлелага драўлянага касцёла ўзвялі новы храм з каменю ў стылі барока. У 1751 годзе храм пацярпеў ад вялікага пажару. Аднавіць яго ўдалося толькі ў 1805 годзе. Біскуп Валянцін Валчэцкі асвяціў яго ў гонар Арханёла Міхаіла-апекуна і абаронцы Навагрудка.

Побач з Касцёлам пабудавалі кляштар (каталіцкі манастыр), пры якім была арганізавана Дамініканская школа ці, як інакш казалі, Калегіум Дамініканцаў. У перыяд з 1807 г. па 1815 г. у гэтай школе вучыўся сусветна вядомы паэт Адам Міцкевіч, беларускі фалькларыст Ян Чачот і інш.

Школа складалася з шасці класаў і мела 6-7 выкладчыкаў-прафесараў. Усе яны былі, як правіла,  манахамі, а калі ў школе і былі свецкія лектары, то звычайна яны выконвалі функцыі памочнікаў. Выкладалі ў школе арыфметыку, гісторыю, матэматыку, маральныя навукі, мовы, права, фізіку і інш.

Большасць вучняў, якіх звалі студэнтамі, пражывалі побач са школай пры манастыры ў кельях. Раніцай, у 6 гадзін, звінеў званок для прабуджэння навучэнцаў, а ў палове сёмага – на кароткую імшу. У сем гадзін было сняданне.

Лекцыя праходзілі 8.00 да 10.00 гадзін, а затым быў вялікі перапынак да 14.00,  які быў прызначаны для асабістых спраў навучэнцаў і абеду. Пасля абеду лекцыі працягваліся 14.00 да 16.00. Астатняя частка дня прызначалася для падрыхтоўкі  хатняга задання і  для гульняў.

Лепшыя вучні мелі права сесці на першыя лаўкі. Акрамя гэтага, лепшыя вучні насілі спецыяльныя  адзнакі: вучні, якія вучыліся вельмі добра – какарду, якія вучыліся добра - абрыўкі стужак за веданне асобых прадметаў: чырвоны – добрае веданне рэлігіі, блакітны – лацінскай мовы, жоўты – матэматыкі. 

У 1832 годзе, пасля паўстання 1830-1831 гг., Дамініканская школа была закрыта і ў 1834 годзе была пераабсталявана пад гарадское вучылішча, потым пад гімназію. У 1858 годзе быў зачынены манастыр. У 1864 годзе дамініканцаў ў Беларусі не засталося.

З 1858 годза касцёл стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1948 года. У 1986 годзе быў праведзены рамонт, а ў 1993 годзе касцёл вярнулі парафіянам.

8 лютага 2020 года на будынку былой Дамініканскай школы быў урачыста адкрыты Памятны знак у гонар Адама Міцкевіча.

Падрыхтавала А.С. Тарасюк

1044