ШЛЯХАМ АДАМА МІЦКЕВІЧА - вучоба ў Віленскім універсітэце

У 1815г . Адам Міцкевіч закончыў Навагрудскую дамініканскую школу і атрымаў адпаведны дыплом, дзе было напісана: “Кожнаму асобна, каму аб гэтым ведаць павінна, засвядчаем, што  спадар Адам Міцкевіч у нашай Навагрудскай публічнай школе на працягу года наведваў шосты клас, да ўсіх навук адносіўся старанна і нічога не здзяйсняў супраць маралі, а надварот, вызначаўся набожнасцю і бездакоранасцю паводзін”. У выніковай характарыстыцы яго вучобы настаўнікі адзначылі: “Здольнасць на да навук добрая, поспехі – добрыя, паводзіны – добрыя”.

Заканчэнне школы давала яе выпускнікам права на вучобу ў Віленскім універсітэце. Для дзяцей, выхадцаў  дробнапамеснай шляхты, як Адам Міцкевіч, гэта быў адзіны з нямногіх шляхоў выбіцца ў людзі ў тагачасным грамадстве. У верасні 1815 года Адам у спадарожнай купецкай павозцы накіраваўся ў Вільню.

Вучоба А. Міцкевіча ў Віленскім  універсітэце і наступная яго праца настаўнікам у Ковенскай школе занялі ў агульнай колькасці 9 гадоў. У гэты Віленска-ковенскі перыяд Адам сфарміраваўся як паэт, як пачынальнік рамантынага накірунку ў польскай літаратуры. У асяроддзі сяброў-студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэта набыла моц яго грамадзянская пазіцыя, якую пранёс праз усё жыццё.

Віленскі ўніверсітэт быў у той час адзінай вышэйшай навучальнай установай на землях Літвы і Беларусі. Вызначаўся ён своеасаблівым духоўным кліматам, які быў заснаваны на лепшых традыцыях асветы. Сярод яго найбольш аўтарытэтных прафесараў былі Даніловіч, Баброўскі, Пачобут-Адляніцкі, Лялевель. З прадметаў, якія выкладаліся ва ўніверсітэтце Адам ахвотней наведваў заняткі па грэчаскай, лацінскай, польскай і рускай літаратурах, а таксама па сусветнай гісторыі. Выкладчык гісторыі Іяхім Лялевель, можа, як ніхто іншы аказаў вялікі ўплыў на развіцце асобы Адама Міцкевіча. Лекцыі І. Лялевеля, якія збіраліся паслухаць студэнты розных факультэтаў, прываблівалі Адама свай грунтоўнасцю і грамадзянскім гучаннем. Пазней паміж А. Міцкевічам і І. Лялевелем установяцца цёплыя сяброўскія адносіны, і на доўгія гады завяжацца плённая перапіска.

Адам Міцкевіч быў спачатку прыняты на педагагічнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Але ўсё ж вабілі яго больш гуманітарныя дысцыпліны, пагэтаму пасля заканчэння першага курса ён перавёўся на факультэт літаратуры і мастацтва, які паспяхова закончыў у 1819 годзе.

(Будзе дапоўнена).

892