Цікавы прадмет з фондаў музея - кніга “Poezye Adama Mickiewicza. Т.2” - Парыж, 1838 г.

Сёння мы пазнаёмім вас з чарговым прыжыццёвым выданнем твораў Адама Міцкевіча, якія захоўваюцца ў музейных зборах.

Жыццё Адама Міцкевіча ў Францыі адзначана шэрагам адметных падзей - гэта напісанне самага вялікага  паэтычнага шэдэўра – паэмы “Пан Тадэвуш”,   жаніцьба на Цэліне Шыманоўскай, нараджэнне дзяцей, выданне розных твораў

У 1838 годзе ў Парыжы  ўбачыў свет другі том паэзіі  Міцкевіча "Poezye Adama Mickiewicza. Tom ІІ. ", у які ўвайшлі  паэмы “Konrad Wallenrod” (“Конрад Валенрод” ) і “Grażyna” (“Гражына” ).

На тытульнай старонцы пададзена дадатковая інфармацыя аб выданні: “Wydanie A. Jełowieckiego i Spółki. Przejrzane i poprawione przez autora.  Paryż. W Księgarni i Drukarni polskiej, 1838”. Пераклад на беларускую мову: “Выданне А. Ялавецкага і Кампаніі. Перагледжана і папраўлена аўтарам. Парыж. У польскай кнігарні і друкарні, 1838”

Экзэмпляр у  папяровай вокладцы, пажаўцеўшай ад часу,  першая і чацвёртая старонкі якой дэкарыраваны  рамкай у выглядзе спіралепадобных завіткоў.

На ніжняй вокладцы ў рамцы змешчаны вельмі цікавы малюнак: анёл з крыламі за плячыма і стужкамі, якія развяваюцца на ветры,  ляціць на вялікай птушцы над аблокамі, з-за якіх выглядаюць  прамяні сонца. Анёл кідае ўніз розныя кветкі.

У  1974 годзе з рэзервовага фонду аддзела кнігазахавання Усесаюзнай дзяржаўнай ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга бібліятэкі замежнай літаратуры  горада Масквы было перадзена нашаму музею 132 адзінкі кніг, сярод іх - гэты экзэмпляр.

703