Гісторыя музея

НАШЫ ДАСЯГНЕННІ

Дом-музей Адама Міцкевіча - адзін з найбольш наведвальных музеяў вобласці - звыш 20 тыс. Чалавек у год. Значная частка наведвальнікаў - замежныя турысты.

За час працы дзеючай экспазіцыі калектыў музея стаў:
-лаўрэатам Першага Нацыянальнага турысцкага конкурсу «Пазнай Беларусь» (2003),
-пераможцам і прызёрам абласнога конкурсу «Установа культуры года» (2003, 2009, 2012),
-ўдзельнікам 1-га, 2-га, 3-га Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі" (2012, 2014, 2016),
-лаўрэатам конкурсу "Музеі Беларусі - трэцяму тысячагоддзю» у намінацыі «Лепшае музейнае выданне» (2012).

Калектыў музея узнагароджаны:
-Граматай Міністэрства спорту і турызму (2011),
-Ганаровай граматай упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама (2013),
-Падзякаю дырэкцыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі (2014).

Супрацоўнікі музея сталі лаўрэатамі прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя А.І.Дубко «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва», узнагароджаны граматамі і дыпломамі раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.
_______________________________________________________

ГІСТОРЫЯ МУЗЕЯ

Першая рэальная спроба стварэння ў Навагрудку музея Адама Міцкевіча адносіцца да 1920 года. Тагачасны орган мясцовай улады - Навагрудскі павятовы рэўком выдаў 16 верасня 1920 г. загад №40 аб утварэнні ў доме, дзе жыў паэт музея або бібліятэкі яго імя.

Рэальна Дом-музей быў створаны ў 1930-я гады намаганнямі "Міцкевічаўскага камітэта" - добраахвотнага навуковага таварыства. Рашэнне аб стварэнні Дома-музея прынята "Міцкевічаўскім камітэтам" 10 мая 1931 г. Адкрыццё музея адбылося 11 верасня 1938 года. Яго першым дырэктарам стаў Уладзіслаў Ляруй (Wł. Larój). З устанаўленнем на Заходняй Беларусі савецкай улады, пастановай Савета народных Камісараў БССР ад 3.12.1940 г. Дом-музей быў узяты пад ахову дзяржавы і перайшоў у распараджэнне Народнага камісарыята асветы. У чэрвені 1941 г. Дом-музей быў разбураны трапіўшай у яго нямецкай авіябомбай.

Дом-музей быў адноўлены ў даваенным выглядзе да 100-годдзя з дня смерці А.Міцкевіча і адкрыты 26 лістапада 1955 г. Чарговая музейная экспазіцыя адчынілася ў 1971 годзе і з пэўнымі зменамі праіснавала да канца 1980-х. У 1989-1990-м гадах за сродкі беларускага боку была праведзена рэканструкцыя сядзібы Міцкевічаў: адноўлены будынак па ўзору пач. ХІХ ст., пабудаваны флігель, які злучаецца з асноўным будынкам падземным пераходам, а таксама свіран, калодзеж, альтанка. У адноўленым будынку 12 верасня 1992 г. адкрылася новая экспазіцыя.

Дзеючая сёння экспазіцыя адкрыта 25 мая 2001г. Работы па яе стварэнню (за сродкі мясцовага (Навагрудскага райна) бюджэту выкананы прадпрыемствам "Мінскі мастацкі камбінат". Аўтары навуковай канцэпцыі супрацоўнікі Дома-музея С.Анісімава. Н.Чарняўская, М.Гайба. Мастацкае рашэнне ажыццёўлена мастаком Г.Чыстым (г.Мінск). Штогод Дом-музей наведвае звыш 20 тысяч чалавек. Экскурсіі праводзяцца на беларускай, рускай, польскай мовах.

ГІСТОРЫЯ ДОМА СЯМ'І МІЦКЕВІЧАЎ

Пляц для пабудовы дома купіў за 50 рублёў у 1803 годзе бацька паэта - Мікалай Міцкевіч - тады мінскі каморнік. Тут ужо былі скляпы і падмуркі дома, які калісьці належаў былому навагрудскаму бурмістру і згарэў падчас пажару ў Наваградку ў 1751 годзе. Спачатку Мікалай Міцкевіч (бацька Адама) пабудаваў на пляцы сціплы драўляны дом, як дазваляла складанае фінансавае становішча. У 1806-1807 годзе пасля вялікага пажару ў горадзе драўляны дом згарэў і на гэтым месцы быў пабудаваны новы, мураваны дом, які, паводле слоў сябра Адама Міцкевіча, быў "найлепшым ва ўсім мястэчку, дзе мураванымі былі толькі касцёлы і кляштары".
Вядома таксама, што дом гэты "хаця не ўбогі, заможным таксама не быў"… У новым будынку сям''я Міцкевічаў жыла да 1812 года - да смерці бацькі паэта. Хутка сям''я пакідае гэты дом - не было сродкаў яго ўтрымліваць - і пераходзіць жыць у флігель, які стаяў на пляцы. Пасля смерці маці 9 кастрычніка 1820 г. дом атрымалі ў спадчыну чатыры браты: Францішак, Адам, Аляксандр і Ежы Міцкевічы. Гаспадаром дома стаў Францішак. Браты ж раз''ехаліся: Аляксандр меў юрыдычную практыку ў Кіеве, Ежы, медык, знаходзіўся на Валыні, Адам быў высланы ў Расію. У 1838 г. дом быў прададзены дзяржавай на публічных таргах у Гродне.
Шмат разоў дом пераходзіў з рук у рукі. У 1863 г. згарэў драўляны флігель, а ў 1881 г. згарэў сам дом. Праз некалькі гадоў ён быў адбудаваны.