Інфармацыя аб экспазіцыі

Экспазіцыя размешчана ў 5 залах і выставачнай галерэі.

У 1-й зале прадстаўлены матэрыял пра сям’ю А.Міцкевіча (дакументы, партрэты бацькоў, братоў), знаходкі з археалагічных раскопак на радзіме паэта ў в.Завоссе Баранавіцкага раёна, падручнікі для павятовых школ, сярод якіх падручнік па матэматыцы 1772 г.

Экспазіцыя 2-й залы звязана з бацькам А.Міцкевіча і яго адвакацкай практыкай. Сярод экспанатаў: пратаколы судовых пасяджэнняў, кішэнны гадзіннік, чарнільны прыбор, шафа 19 ст., дзе захоўваюцца юрыдычная літаратура і кнігі, выдадзеныя да 1812 г., у т.л. “Біблія” на французскай мове 1775 г., "Біблія" часоў А. Міцкевіча (1810 г.).

У 3-й зале (былая гасцёўня) экспануюцца мэбля 19 ст., фарфоравы і фаянсавы посуд канца 18 – пачатку 19 ст., настольны гадзіннік канца 18 ст., які знаходзіўся ў 1822 г. у пакоі А.Міцкевіча ў Вільні, матэрыялы пра вучобу паэта ў Віленскім універсітэце і пачатак яго творчасці.

Экспазіцыя 4-й залы прысвечана знаходжанню А.Міцкевіча ў Расіі. Тут захоўваюцца копіі кніг А.Міцкевіча, выдадзеных у Расіі і іншых краінах, копіі партрэтаў: “А.Міцкевіч” Ю. Аляшкевіча і “А.Міцкевіч на гары Аю-Даг” В. Ваньковіча, партрэты рускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія захапляліся творчасцю А.Міцкевіча, раяль і мэбля 19 ст.

Перыяд знаходжання А.Міцкевіча ў Германіі, Швейцарыі, Італіі, Францыі прадстаўлены матэрыяламі экспазіцыі 5-й залы. Сярод экспанатаў: партрэты жонкі і дзяцей паэта, І. Гётэ, Ф. Шапэна, Н. Орды, М. Агінскага і інш., копія першага выдання паэмы “Пан Тадэвуш”, дакументы пра апошнія дні А.Міцкевіча, бронзавая мадэль помніка (1909 г.) паэту ў Парыжы, набытая музеем у 1937 г. у Парыжы ва ўдавы скульптара А. Бурдэля.

У выставачнай галерэі штогод праходзяць каля 10 выставак. Дзейнічаюць пастаянныя выстаўкі: этнаграфічныя: “Малюнкі сельскага жыцця”; “Свет кухні Міцкевічаў”, дзе экспануецца посуд 19 ст.; выстаўка “Паэма Пан Тадэвуш” – праз час і народы”, на якой прадстаўлены выданні твора, пачынаючы з сярэдзіны 19 ст. да нашых дзён.