Калекцыі

У музеі налічваецца 19 калекцый:
“Археалогія”, “Баністыка”, “Нумізматыка”, “Сфрагістыка”, “Фалерыстыка”, “Музычныя інструменты”, “Прадметы побыту”, “Дэкаратыўна - прыкладное мастацтва”, “Графіка”, “Жывапіс”, “Скульптура”, “Дакументы”, “Друкаваныя выданні”, “Кнігі”, “Рукапісы”, “Ліставыя”, “Грампласцінкі”, “Фонапомнікі”, “Фатаграфіі” .
Найбольш цікавыя і каштоўныя калекцыі – гэта “Кнігі”, “Рукапісы”, “Жывапіс”, “Прадметы побыту”.

Калекцыя “Кнігі” змяшчае творы А.Міцкевіча ў арыгінале і ў перакладзе на замежныя мовы, навукова-даследчыя матэрыялы аб жыцці і дзейнасці паэта, мастацкую літаратуру на беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай, французскай і іншых мовах свету, перыядычныя выданні, творы сучасных пісьменнікаў, кнігі з аўтографамі і дароўнымі надпісамі. У фондах музея знаходзіцца 9 прыжыццёвых выданняў твораў А.Міцкевіча, пераклады твораў А.Міцкевіча на іншыя мовы свету, 120 старадрукаў.
Самыя каштоўныя: прыжыццёвыя выданні твораў А.Міцкевіча, выданні твораў А.Міцкевіча ў перакладах на іншыя мовы свету і выданні Навагрудскага Міцкевічаўскага камітэта.

Калекцыя “Рукапісы” змяшчае пераклады твораў А.Міцкевіча на балгарскую, літоўскую, беларускую і мовы (Бл.Дзімітрава, Ю.Марцікявічус, Э.Матузявічус, М.Танк, Я.Семяжон, К.Крапіва, Н. Тарас, П.Бітэль, М. Аўрамчык, П.Пястрак, і інш.), дыпломныя работы, рукапісы твораў і аўтарскія прысвячэнні (Я.Пушча, В.Чамярыцкі, С.Пярловіч, Ю.Дубасаў, Р.Брадоўскі і інш.), успаміны былога дырэктара музея Каляды В.Р і яго жонкі Дзярчанскай А.Р. аб падзеях у час Вялікай айчыннай вайны.
Найбольш каштоўны прадмет - пісьмо М.Лынькова аб наведванні ім разам з Я.Купалам нашага музея ў 1940 годзе.

Калекцыя “Жывапіс” змяшчае арыгінальныя карціны, а таксама копіі мастацкіх твораў мастакоў сяр. 20 - пач. 21ст.ст. (Шыбнёў А.Д., Пушкоў І., Бельскі М., Карпук М.А., Волкаў В.В., Панкратаў С.Ф., Качан К.І., Грэк У.А. і інш.).
Адны з каштоўных: копія карціны Ю.Аляшкевіча “Адам Міцкевіч”, копія карціны В.Ваньковіча “Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг”.

Калекцыя “Прадметы побыту” змяшчае прадметы асабістага і хатняга ўжытку, прадметы інтэр'еру, мэблю, посуд, гаспадарчы iнвентар, прылады i прыстасаваннi.
Самыя каштоўныя прадметы: мэбля з Туганавіч (пач.XIXст.), гадзіннік кішэнны срэбны (Швейцарыя, XIXст.), акуляры Адама Міцкевіча (Заходняя Еўропа, XIXст.), шклянка Генрыеты Евы Анквіч (Заходняя Еўропа, 1844г.), посуд к. XVIII-пач. XIXст.

Калекцыя “Скульптура” змяшчае барэльефы, гарэльефы, бюсты А.Міцкевіча, Т.Касцюшкі, Я.Купалы, І.Дамейкі, макеты помнікаў А. Міцкевіча, статуэткі, работы вядомых скульптараў 20 ст. (Роберман М., Аляшчынскі Ул., Дунікоўскі К., Галубкіна В., Анціпін А., Груша Р., Зільберт Ф., Ульянаў П.) і інш.). Самыя каштоўныя: макет помніка Адама Міцкевіча ў Парыжы (скульптар А.Бурдэль, 1909 г.), мемарыяльная пліта з бюстам Адама Міцкевіча да 100-годдзя з дня яго нараджэння (1900 г.).