Гісторыя музейнага прадмета - ганаровы знак "За заслугі перад польскай культурай"

Адным з цікавых і даволі рэдкіх прадметаў з фондаў музея з'яўляецца ганаровы знак "За заслугі перад польскай культурай" (па-польску: Odznaka honorowa "Zasluzony dla Kultury Polskiej"). Дом-музей Адама Міцкевіча быў узнагароджаны гэтым знакам у 1974 годзе.

Узнагарода заснавана 10 верасня 1969 года распараджэннем міністра культуры і мастацтва Польскай народнай рэспублікі, а з 5 студзеня 2012 года прысуджаецца на падставе распараджэння міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча. 

Ім узнагароджваюцца польскія і замежныя грамадзяне і арганізацыі за заслугі перад польскай культурай. Нагрудны знак прысуджаецца ад імя Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. За мяжой нагрудны знак могуць уручаць кіраўнікі дыпламатычных альбо консульскіх устаноў Рэспублікі Польшча. Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны ўзнагароджвае па ўласнай ініцыятыве або па прадстаўленні. Правам прадстаўляць да ўзнагароды валодаюць сенатары і дэпутаты Сейма, міністры і кіраўнікі цэнтральных устаноў, ваяводы, суб'екты, якія вядуць культурную дзейнасць. 

Разам са знакам узнагароджанаму выдаецца пасведчане, якое пацвярджае прысуджэнне ўзнагароды. На пасведчанні выкарыстоўваецца французская і польская мовы. На пасведчанні, якое атрымаў наш музей, напісана: "Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны ў знак прызнання ўкладу ў папулярызацыю польскага мастацтва і культуры ўзнагароджвае Музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку знакам "За заслугі перад польскай культурай".

733