Цікавы прадмет з фондаў музея — Кніга «Курс лекцый па славянскай літаратуры»

Сёння на суд чытачоў прадстаўляем дзявятую кнігу з серыі прыжыццёвыя выданні Адама Міцкевіча, чым і завяршаем наш цыкл аповедаў.

У 1851 годзе ў Познані  выйшаў з друку курс лекцый аб славянскай літаратуры 3-га года выкладання пад назвай "Rzecz o literaturze slowianskiej wykladana w kolegium francyzkim". Гэта другое, выпраўленае выданне, ажыццёўлена Валенціем Мацеем Стэфаньскім (Walenty Maciej Stefański) – кнігагандляром, друкаром, палітычным актывістам, адным з арганізатараў Польскай лігі.

Гадавая праграма III-га курса (снежань 1842 – чэрвень 1843) змяшчае два цыклы лекцый: “Гісторыя сучаснай славянскай літаратуры” і “Гісторыка-філасофскія даследаванні”. Усяго змешчана 25 лекцый.

Кніга ў вокладцы з мяккага кардону, пакрытага мармуровай паперай светла-карычневага колеру, з абстрактным узорам.

Наяўнасць некалькіх штампаў гаворыць аб тым, што кніга неаднаразова мяняла месцазнаходжанне. Так, на тытульным лісце, справа па цэнтру, масцікай светла-ружовага колеру прастаўлены авальны штамп  "БІБЛІОТЕКА  Св.Восафатсъкий  монастир  Студійськопо Устову  у  Львові", у ніжняй частцы старонкі – штамп "ИВ. АН. ЧАПЕЛЬСКИЙ", круглы, чорным чарнілам. На адвароце тытульнага ліста, у верхнім левым вугле, прамавугольны штамп "Львів. Бібліотека АН.УССР", фіялетавым чарнілам. Штамп паўтараецца на с.198.

Дадзены асобнік кнігі паступіў у музей у ліпені 1988 года з Львоўскай нацыянальнай навуковай бібліятэкі Украіны імя. В. Стэфаніка.

667