Цікавы прадмет з фондаў музея - ваза для садавіны

У фондах музея ёсць даволі цікавыя, прываблівыя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сёння мы раскажам пра вазу для садавіны і ласункаў, ці як яе яшчэ называюць, сухарніца, этажэрка. Звычайна, такая ваза мае два або тры ярусы. На жаль, адна талерка (альбо чаша) адсутнічае. У такім выглядзе дадзены прадмет быў набыты ў жыхаркі горада Навагрудка ў 1990 годзе.

Вонкавы бок талеркі ўпрыгожаны рэльефным узорам са стылізаваных раслінных матываў у выглядзе галінак квітнеючых ландышаў. Пасярэдзіне чашы буйная разетка ў выглядзе дванаццаці зялёных лісцеў, аднолькавых па форме, размешчаных сіметрычна, і якія радыяльна разыходзяцца ад цэнтру. Край талеркі фігурны. Металічная ручка разьбяная з дэкорам у выглядзе гравіроўкі.

На тыльным баку прымацавана круглая жалезная бляшка (поўнасцю заіржавела), на якой выбіты надпіс: “ВИНОДѣЛІЕ СЕРГѣЙ МАКСИМОВИЧЪ ГЛАДЫШѣВ САМАРКАНДЪ”. Гэты надпіс дае ўяўленне аб даце і месцы стварэння прадмета - канец 19 ст., Расійская імперыя, г. Самарканд.


617