Цікавы прадмет з фондаў — падсвечнік 19 ст.

У 1997 годзе Дом-музей Адама Міцкевіча набыў ў калекцыянера з Мінску два падсвечнікі фабрыкі “Fraget”, вырабленыя ў канцы ХIХ-пачатку ХХ стст. у Варшаве - сталіцы Царства Польскага, якое ў той час знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі.

 У 1824 годзе два браты-ювеліры з Францыі Альфонс і Жозэф Фражэ (Alphonse et Joseph Fraget) прыехалі ў Варшаву з мэтай арганізаваць фірму, якая павінна была спецыялізавацца на вытворчасці недарагіх вырабаў з невысакародных металаў са срэбным пакрыццём. Фабрыка выпускала сталовыя прыборы, посуд, начынне, падсвечнікі, а таксама прадметы для набажэнстваў. Знешне яны нагадвалі сярэбраныя вырабы, хаця ў рэчаіснасці гэта была звычайная медзь, пакрытая пластом срэбра таўшчынёй у 0,02 мм.

Падсвечнік складаецца са стаяна, пастамента і свечніка. Пастамент круглы,  шматступенчаты, узвышаны, на 3 фігурных ножках, якія падобныя на петлі. Паверхня пастамента ўпрыгожана вытанчаным рэльефам са складаным спалучэннем веерападобнага расліннага арнаменту, гронак вінаграду, сцебля з шырокім зубчастым лісцем, буйных кветак, палос рознай шырыні. Стаян зроблены ў выглядзе рыфлёнай дзевяціграннай калоны. Верхняя частка падсвечніка – свечнік – у выглядзе кветкі лілеі.

На тыльным, унутраным баку пастамента, стаіць кляймо:  у авале "Fraget N Plaque ", што азначае накладное срэбра, нанесеннае на паверхню падкладкі (у дадзеным выпадку латунь) мае нармальную таўшчыню. Злева ад кляйма знаходзіцца герб Расійскай імперыі - двухгаловы арол, справа - меншы авал з выявай герба цэха кавальскіх майстроў па медзі і бронзе ў выглядзе двух перакрыжаваных малаткоў і цыркуля.  Побач прастаўлены парадкавы нумар выраба  “4220 ХVI”.

618