Максім Танк і Адам Міцкевіч (Сёння 110 гадоў з дня нараджэння М. Танка)

Сёння, 17 верасня – 110 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка (1812-1995 гг.) - народнага паэта Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы, акадэміка АН Беларусі, лаўрэата шматлікіх дзяржаўных прэмій, старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. 

Ён выказваў пастаянную зацікаўленасць да паэтычнай спадчыны А. Міцкевіча.

Першыя пераклады М. Танка з А. Міцкевіча з'явіліся да 85-годдзя з дня смерці паэта, у 1940-м годзе: "Акерманскія стэпы", урывак "Не дбаю" з трэцяй часткі паэмы "Дзяды" і "Бура".

Пазней паэт надрукаваў урывак з чацвёртага раздзела і з эпілога "Пана Тадэвуша", пераклады з "Крымскіх санетаў", з паэмы "Дзяды". Пераклаў верш "Да М..." ("Прэч з маіх воч!..").

У кнігу "Выбраныя творы" А. Міцкевіча, выдадзеную да 100-годдзя з дня яго смерці ў 1955-м годзе, увайшлі новыя пераклады М. Танка — "Лілеі", "Фарыс", "Паліліся мае слёзы...".

У пасляваенныя гады М. Танк піша вершы «На Навагрудскай гары», «Начлег каля Свіцязі», «Вадаспад Адама Міцкевіча», дзе выкарыстоўвае матывы і вобразы, звязаныя з імем Адама Міцкевіча.

На Навагрудскай гары

Тут жыў Міцкевіч.
Тут яшчэ гудуць
І веюць ветры тыя, што калісці
Па свеце неслі хмары яго дум,
Пад вокнамі яму шумелі лісцем.

Я на гары спыніўся ў ноч Дзядоў,
Калі туман заслаў палі, дубравы.
Я чуў, што ён прыйшоў у край бацькоў,
Пакінуўшы прытулак вечны – Вавель.

Мо сумна там яму сярод грабніц
І саркафагаў, змрочных каланадаў,
І хоча ён зноў пры агні зарніц
Паслухаць роднай Свіцязі балады…

Мо на руінах, дзе яго быў дом,
Дзе ён правёў свайго юнацтва годы,
Задумаў кончыць свой пасмертны том –
Пра помсту немцам, помсту Валенрода.

Я не хацеў яму перашкаджаць,-
Калі прыйшоў, няхай намер свой здзейсніць,-
Здалёк я толькі слухаў, як грымяць
Яго, як з бронзы выкутыя, песні.

Я думаў: гэта сон прысніўся мне.
Ды там, дзе прагулі яго напевы,
Грунт на руінах зноў зазелянеў,
А над магіламі варожымі чарнеў
Апалены, як бліскавіцай, гневам.

(1946 г.)

637