
28 жніўня 1749 года нарадзіўся нямецкі паэт, філосаф, вучоны і дзяржаўны дзеяч Іаган Вольфганг фон Гётэ (1749-1832 гг.). Найбольш вядомым творам Гётэ з'яўляецца яго трагедыя «Фаўст». (Змяшчае найбольш вядомы варыянт легенды пра доктара Фаўста). Дарэчы, паэму Гётэ задумаў у 22 гады, а скончыў яе за некалькі месяцаў да смерці. У паэме ёсць выказванне Фаўста: "Спыніся, імгненне, ты цудоўнае!"
З творчасцю Гётэ Адам Міцкевіч быў знаёмы яшчэ будучы студэнтам Віленскага ўніверсітэта. Пазней, працуючы настаўнікам у Коўна пераклаў некалькі яго вершаў.
Давялося Міцкевічу асабіста сустрэцца з Гётэ ў Веймары летам 1829 года. Тут ён штодня спыняўся ў ягоным доме з 24 па 31 жніўня, удзельнічаў у святкаванні 80-годдзя Гётэ. Адаму Міцкевічу было на той час 30 гадоў. Пасадзейнічала іх сустрэчы знакамітая піяністка Марыя Шыманоўская, якая ведала іх абодвух.
Міцкевіч меў да Гёта велізарную пашану; як і ўся тагачасная Еўропа, ён захапляўся яго творчасцю. Сустрэча была падрабязна апісана ў лістах спадарожнікам Міцкевіча Адынцом і таму добра задакументавана. У прыватнасці Гётэ "цікавіўся жыццём яго (Міцкевіча) правінцыі".
Гётэ падарыў Міцкевічу пяро для пісьма, якое захоўваецца ў парыжскім музеі паэта, а ў нашым Доме-музеі, у якасці напамінку пра гэты падарунак, ёсць копія карткі з парыжскага музея Адама Міцкевіча, дзе яго рукой напісана: «Пяро Гётэ, падоранае Адаму Міцкевічу ў Веймары года 1829. Адам Міцкевіч 1831».
У 1956 г. у Веймары каля садовай хаткі Гётэ, у якой яны сустракаліся, быў усталяваны бюст Адама Міцкевіча.